«Ёсць падставы меркаваць, што сітуацыя з хатнім гвалтам пагоршылася, а дапамогі стала меней»
Днямі ў ААН адбылося паседжанне Камітэта па ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (КЛДЖ, у англійскай — CEDAW). На ім упершыню за 9 год трымала справаздачу беларуская дзяржава — у Жэневе выступіла афіцыйная дэлегацыя на чале з Ларысай Бельскай.
Паводле ўладаў, у Беларусі з правамі жанчын усё добра: у Індэксе гендарнай роўнасці наша краіна займае 29 месца са 166 пазіцый, і сітуацыя з кожным годам толькі паляпшаецца. Але ж напярэдадні з чальцамі Камітэта ААН, міжнароднымі экспертамі, сустрэліся прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці — і прадставілі пяць ценявых справаздач пра бягучы стан спраў, якія карэнным чынам разышліся з афіцыйнай версіяй.
Як дзяржаўная дэлегацыя ўхілялася ад адказаў, маніпулявала лічбамі і адкрыта хлусіла, і ці палепшылася насамрэч сітуацыя ў Беларусі, прынамсі з хатнім гвалтам, распавялі прадстаўніцы Кааліцыі жаночых арганізацый, якія дапамаюць жанчынам у сітуацыі хатняга гвалту: Наста Базар («Праваабаронца года-2024») і Станіслава Цярэнцьева.
Напрыклад, дзяржаўная дэлегацыя бравіравала лічбамі — маўляў, у Беларусі 70% жанчын занятыя ў дзяржсектары, 80% жанчын працаздольнага ўзросту працуюць — а што працуюць пераважна ў сектары аховы здароўя і адукацыі, у прафесіях з не самымі высокімі заробкамі — так гэта нібыта самі жанчыны «абіраюць больш лёгкую працу» і няпоўны працоўны дзень.
— Аднак гендарны разрыў па заробках у 25% захоўваецца, менш як чвэрць дзяўчат ідуць вучыцца на высокатэхналагічныя прафесіі. Чаму? Адказ на гэта быў: «Так склалася». У прынцыпе, такі быў наратыў падчас усёй справаздачы дэлегацыі, — канстатуе Наста Базар.
А калі прадстаўнікі CEDAW пацікавіліся, чаму ў справаздачы не прымаў удзел НДА сектар — натуральна, дзярждэлегацыя не распавяла, што чатыры з пяці НДА, якія раней гэта рабілі, ужо ліквідаваныя, а пятае прыняло рашэнне аб самаліквідацыі. Не, у афіцыйнай падачы — «у гэтым няма патрэбы», дзяржаўныя інстытуцыі самі спраўляюцца.
А тое, што з 30 жаночых арганізацый у краіне засталіся ўсяго 15, і рэй вядуць праўладны Саюз жанчын альбо рэлігійныя «Матуля» і «Пакроў» — такія дробязі.
І тым больш «дробязі», якія не палічыла патрэбным заўважыць дэлегацыя беларускіх уладаў, але падкрэслілі праваабаронца — што сёння, калі жанчына звяртаецца ў міліцыю па дапамогу ў сітуацыі хатняга гвалту, найперш ідзе яе «сканаванне на палітычную актыўнасць», і толькі потым прымаюцца нейкія дзеянні па сутнасці заявы.
Альбо што так званы СОП — пастаноўка сям’і на ўлік як той, што знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы — працуе не на прафілактыку, не на тое, каб дапамагчы сям’і прайсці праз крызіс, а найчасцей дзейнічае як карная інстанцыя: выпісвае штрафы (якія выплочваюцца з таго ж сямейнага бюджэту), ладзіць бясконцыя праверкі і візіты правяральнікаў…
— Дэлегацыя сцвярджае, што ў Беларусі працуе дастаткова ўстаноў для дапамогі жанчынам, — працягвае Наста Базар. — Але калі прыгадаць сітуацыю да 2020 году, важна сказаць наступнае.
Гарачая лінія «Гендарных перспектыў» за 9 год існавання прыняла 15 тысяч зваротаў, у сховішчы «Радзіславы» для дзяцей і жанчын, пацярпелых ад хатняга гвалту, пражыло 555 чалавек, вялікую колькасць жанчын прымалі арганізацыі ў раёнах. Наўрад ці тыя структуры, якія засталіся, могуць пракрыць такую колькасць запытаў. Гэта дае падставы меркаваць, што сітуацыя з хатнім гвалтам пагоршылася, а дапамогі як такой стала меней.
Больш за тое, як заўважылі праваабаронцы, нават пасля ліквідацыі шматлікіх жаночых НДА на сайтах дзяржаўных устаноў і сацыяльных службаў доўгі час былі змешчаныя каналы дапамогі і кантакты ўжо знішчаных «Гендарных перспектыў», «Радзіславы» і іншых.
— На некаторыя пытанні, якія задаваліся некалькі разоў у розных канфігурацыях, яны проста сыходзілі ад адказу, — дадае Станіслава Цярэнцьева. — Мне запомнілася, як адна са спікерак, разважаючы пра прадстаўленасць беларусак у палітыцы, апелявала да свайго досведу: маўляў, я жанчына і я ў палітыцы, займаю пасаду, пра якую дыскрымінацыю гаворка?
Сярод іншага, эксперты ААН тройчы пыталіся пра жанчын-палітзняволеных у Беларусі — ніводнага адказу не было.
Схлусілі афіцыйцныя прадстаўнікі дзяржавы і пра дыскрымінацыю ЛГБТК-людзей у Беларусі — паводле іх, леташняе рашэнне Мінкультуры аб тым, што да парнаграфіі далучаецца «дэманстрацыя нетрадыцыйных стасункаў» — гэта ніяк не пра ЛГБТК. Але толькі ў верасні 2024 года, кажа Наста Базар, было заведзена дзве крымінальныя справы супраць трансгендарных людзей — менавіта на згаданай падставе.
Тым не менш, пакінуць аб сабе добрае ўражанне ў праўладнай дэлегацыі Беларусі не атрымалася. Непрыемныя пытанні да іх былі агучаныя, невыкананыя з мінулага разу рэкамендацыі — зафіксаваныя, а пяць гадзін маніпуляцый, вылузванняў, перакручвання фактаў, хлусні і спроб намаляваць альтэрнатыўную рэальнасць, якую ў Беларусі паказваюць па тэлевізары, засталіся для гісторыі на відэатрансляцыі паседжання. Але што далей?
— Што насамрэч можа зрабіць для змяншэння дыскрымінацыі датычна жанчын Камітэт пры ААН, акрамя як выдаць рэкамендацыі, якія, хутчэй за ўсё, дзяржава зноў не выканае, і задаць услых непрыемныя пытанні ўрадавай дэлегацыі? — запытаўся Филин у прадстаўніц кааліцыі арганізацый, якія дапамаюць жанчынам у сітуацыі хатняга гвалту.
— Трэба працягваць фіксаваць парушэнні правоў жанчын, таму што пра гэта трэба помніць, і важна, каб вінаватыя панеслі адказнасць, — падкрэсліваюць праваабаронцы.
— Усе міжнародныя механізмы працуюць на падставе фактаў, таму іх трэба збіраць. Камітэт CEDAW ужо больш 20 гадоў дае рэкамендацыю Беларусі прыняць комплекснае заканадаўства па прадухіленні хатняга гвалту. І ў 2018-м краіна была вельмі блізкая да прыняцця такога закону.
Калі праз 4 ці 8 год Беларусь зноў будзе справаздачыцца ў CEDAW, мы зноў будзем параўноўваць, ці выканала краіна рэкамендацыі 2025-га. Рэкамендацыя ААН важныя таксама і для дэмакратычных сіл, каб тыя ўлічвалі іх у сваёй павестцы, бо сёння правы жанчын там практычна не гучаць.
Акрамя таго, дадаюць праваабаронцы, важна працягваць працу і з самімі жанчынамі, каб беларускі ведалі пра свае правы і не прымалі за норму, прыкладам, адмовы пры працаўладкаванні «таму што ў цябе ёсць дзеці і яны хварэюць»:
— Нават калі ў цяперашняй сітуацыі свае правы вельмі складана абараняць, важна, каб жанчыны помнілі пра іх, пра сваю чалавечую годнасць.
Читайте еще
Избранное