Филин

Юлія Кот

«Ёсць падставы меркаваць, што сітуацыя з хатнім гвалтам пагоршылася, а дапамогі стала меней»

Днямі ў ААН адбылося паседжанне Камітэта па ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (КЛДЖ, у англійскай — CEDAW). На ім упершыню за 9 год трымала справаздачу беларуская дзяржава — у Жэневе выступіла афіцыйная дэлегацыя на чале з Ларысай Бельскай.

Афіцыйная дэлегацыя Беларусі падчас свайго выступлення

Паводле ўладаў, у Беларусі з правамі жанчын усё добра: у Індэксе гендарнай роўнасці наша краіна займае 29 месца са 166 пазіцый, і сітуацыя з кожным годам толькі паляпшаецца. Але ж напярэдадні з чальцамі Камітэта ААН, міжнароднымі экспертамі, сустрэліся прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці — і прадставілі пяць ценявых справаздач пра бягучы стан спраў, якія карэнным чынам разышліся з афіцыйнай версіяй.

Як дзяржаўная дэлегацыя ўхілялася ад адказаў, маніпулявала лічбамі і адкрыта хлусіла, і ці палепшылася насамрэч сітуацыя ў Беларусі, прынамсі з хатнім гвалтам, распавялі прадстаўніцы Кааліцыі жаночых арганізацый, якія дапамаюць жанчынам у сітуацыі хатняга гвалту: Наста Базар («Праваабаронца года-2024») і Станіслава Цярэнцьева.

Напрыклад, дзяржаўная дэлегацыя бравіравала лічбамі — маўляў, у Беларусі 70% жанчын занятыя ў дзяржсектары, 80% жанчын працаздольнага ўзросту працуюць — а што працуюць пераважна ў сектары аховы здароўя і адукацыі, у прафесіях з не самымі высокімі заробкамі — так гэта нібыта самі жанчыны «абіраюць больш лёгкую працу» і няпоўны працоўны дзень.

— Аднак гендарны разрыў па заробках у 25% захоўваецца, менш як чвэрць дзяўчат ідуць вучыцца на высокатэхналагічныя прафесіі. Чаму? Адказ на гэта быў: «Так склалася». У прынцыпе, такі быў наратыў падчас усёй справаздачы дэлегацыі, — канстатуе Наста Базар.

Наста Базар

А калі прадстаўнікі CEDAW пацікавіліся, чаму ў справаздачы не прымаў удзел НДА сектар — натуральна, дзярждэлегацыя не распавяла, што чатыры з пяці НДА, якія раней гэта рабілі, ужо ліквідаваныя, а пятае прыняло рашэнне аб самаліквідацыі. Не, у афіцыйнай падачы — «у гэтым няма патрэбы», дзяржаўныя інстытуцыі самі спраўляюцца.

А тое, што з 30 жаночых арганізацый у краіне засталіся ўсяго 15, і рэй вядуць праўладны Саюз жанчын альбо рэлігійныя «Матуля» і «Пакроў» — такія дробязі.

І тым больш «дробязі», якія не палічыла патрэбным заўважыць дэлегацыя беларускіх уладаў, але падкрэслілі праваабаронца — што сёння, калі жанчына звяртаецца ў міліцыю па дапамогу ў сітуацыі хатняга гвалту, найперш ідзе яе «сканаванне на палітычную актыўнасць», і толькі потым прымаюцца нейкія дзеянні па сутнасці заявы.

Альбо што так званы СОП — пастаноўка сям’і на ўлік як той, што знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы — працуе не на прафілактыку, не на тое, каб дапамагчы сям’і прайсці праз крызіс, а найчасцей дзейнічае як карная інстанцыя: выпісвае штрафы (якія выплочваюцца з таго ж сямейнага бюджэту), ладзіць бясконцыя праверкі і візіты правяральнікаў…

— Дэлегацыя сцвярджае, што ў Беларусі працуе дастаткова ўстаноў для дапамогі жанчынам, — працягвае Наста Базар. — Але калі прыгадаць сітуацыю да 2020 году, важна сказаць наступнае.

Гарачая лінія «Гендарных перспектыў» за 9 год існавання прыняла 15 тысяч зваротаў, у сховішчы «Радзіславы» для дзяцей і жанчын, пацярпелых ад хатняга гвалту, пражыло 555 чалавек, вялікую колькасць жанчын прымалі арганізацыі ў раёнах. Наўрад ці тыя структуры, якія  засталіся, могуць пракрыць такую колькасць запытаў. Гэта дае падставы меркаваць, што сітуацыя з хатнім гвалтам пагоршылася, а дапамогі як такой стала меней.

Больш за тое, як заўважылі праваабаронцы, нават пасля ліквідацыі шматлікіх жаночых НДА на сайтах дзяржаўных устаноў і сацыяльных службаў доўгі час былі змешчаныя каналы дапамогі і кантакты ўжо знішчаных «Гендарных перспектыў», «Радзіславы» і іншых.

— На некаторыя пытанні, якія задаваліся некалькі разоў у розных канфігурацыях, яны проста сыходзілі ад адказу, — дадае Станіслава Цярэнцьева. — Мне запомнілася, як адна са спікерак, разважаючы пра прадстаўленасць беларусак у палітыцы, апелявала да свайго досведу: маўляў, я жанчына і я ў палітыцы, займаю пасаду, пра якую дыскрымінацыю гаворка?

Станіслава Цярэнцьева

Сярод іншага, эксперты ААН тройчы пыталіся пра жанчын-палітзняволеных у Беларусі — ніводнага адказу не было.

Схлусілі афіцыйцныя прадстаўнікі дзяржавы і пра дыскрымінацыю ЛГБТК-людзей у Беларусі — паводле іх, леташняе рашэнне Мінкультуры аб тым, што да парнаграфіі далучаецца «дэманстрацыя нетрадыцыйных стасункаў» — гэта ніяк не пра ЛГБТК. Але толькі ў верасні 2024 года, кажа Наста Базар, было заведзена дзве крымінальныя справы супраць трансгендарных людзей — менавіта на згаданай падставе.

Тым не менш, пакінуць аб сабе добрае ўражанне ў праўладнай дэлегацыі Беларусі не атрымалася. Непрыемныя пытанні да іх былі агучаныя, невыкананыя з мінулага разу рэкамендацыі — зафіксаваныя, а пяць гадзін маніпуляцый, вылузванняў, перакручвання фактаў, хлусні і спроб намаляваць альтэрнатыўную рэальнасць, якую ў Беларусі паказваюць па тэлевізары, засталіся для гісторыі на відэатрансляцыі паседжання. Але што далей?

Што насамрэч можа зрабіць для змяншэння дыскрымінацыі датычна жанчын Камітэт пры ААН, акрамя як выдаць рэкамендацыі, якія, хутчэй за ўсё, дзяржава зноў не выканае, і задаць услых непрыемныя пытанні ўрадавай дэлегацыі? — запытаўся Филин у прадстаўніц кааліцыі арганізацый, якія дапамаюць жанчынам у сітуацыі хатняга гвалту.

— Трэба працягваць фіксаваць парушэнні правоў жанчын, таму што пра гэта трэба помніць, і важна, каб вінаватыя панеслі адказнасць, — падкрэсліваюць праваабаронцы.

— Усе міжнародныя механізмы працуюць на падставе фактаў, таму іх трэба збіраць. Камітэт CEDAW ужо больш 20 гадоў дае рэкамендацыю Беларусі прыняць комплекснае заканадаўства па прадухіленні хатняга гвалту. І ў 2018-м краіна была вельмі блізкая да прыняцця такога закону.

Калі праз 4 ці 8 год Беларусь зноў будзе справаздачыцца ў CEDAW, мы зноў будзем параўноўваць, ці выканала краіна рэкамендацыі 2025-га. Рэкамендацыя ААН важныя таксама і для дэмакратычных сіл, каб тыя ўлічвалі іх у сваёй павестцы, бо сёння правы жанчын там практычна не гучаць.

Акрамя таго, дадаюць праваабаронцы, важна працягваць працу і з самімі жанчынамі, каб беларускі ведалі пра свае правы і не прымалі за норму, прыкладам, адмовы пры працаўладкаванні «таму што ў цябе ёсць дзеці і яны хварэюць»:

— Нават калі ў цяперашняй сітуацыі свае правы вельмі складана абараняць, важна, каб жанчыны помнілі пра іх, пра сваю чалавечую годнасць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(4)